У лясах Маладзечна пачалі збіраць бярозавік

Источник Алег Бяганскі

Аб гэтым нам паведаміў намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса Віталій Дземеш. Ён жа і прапанаваў наведаць адну з дзялянак, дзе збіраюць лясны ўраджай. Некалькі хвілін на зборы — і мы едзем у бок Верадова, дзе работнікі Маладзечанскага доследна-вытворчага лясніцтва нарыхтоўваюць бярозавы сок.

Сбор березового сока.

Сбор березового сока.Фото: “Маладзечанская газета”

— Нарыхтоўка бярозавіку сёлета пачалася раней, чым у мінулыя гады, — гаворыць па дарозе Віталій Іванавіч. – Гэтаму паспрыяла цёплая зіма. Аднак надвор’е пакуль няўстойлівае. Па начах здараюцца замаразкі. Да таго ж зімой бярозы не «адпачылі» як след. Іх жыццёвыя працэсы працягваліся. Усё гэта адбіваецца на руху соку. Поліэтыленавыя мяшкі напаўняюцца не вельмі хутка. Калі пацяплее — працэс паскорыцца.

Субяседнік падкрэсліў, што патрэбы жыхароў горада і раёна ў бярозавым соку будуць задаволены.

Частка яго паступіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

А вось і патрэбная дзялянка. Да кожнай бярозы прымацаваны поліэтыленавы мяшок (да некаторых нават тры). У гэту тару і сцякае па спецыяльным жолабе сок. Праз дарогу знаходзяцца маладыя лясныя пасадкі.

— Бярозавік нарыхтоўваецца толькі на дзялянках, прызначаных пад высечку, — патлумачыў Віталій Дземеш. – Праз пяць гадоў на месцы, дзе вядзецца нарыхтоўка, будуць пасаджаны маладыя дрэўцы. Такім чынам эфектыўна спалучаецца гаспадарчая дзейнасць, ахова і аднаўленне лесу.

Між тым лесаводы злівалі з мяшкоў сок у вёдры, якія потым неслі да трактара з цыстэрнай. Праз непрацяглы час свежая экалагічная натуральная прадукцыя паступіць спажыўцам.

Намеснік дырэктара лясгаса паведаміў, што бярозавік можна купіць ва ўсіх лясніцтвах. Літр яго каштуе 30 капеек. Пры зборы захоўваюцца ўсе санітарныя і гігіенічныя нарматывы.

Недалёка нарыхтоўвалі бярозавы сок для ўласных патрэб жыхары Маладзечаншчыны. Сярод іх была Юлія Мельнік. Яна расказала, што каб назапасіць бярозавік бясплатна, трэба звярнуцца ў лясніцтва, дзе пакажуць месца нарыхтоўкі і раскажуць, як гэта правільна рабіць.

Дадаткова пракантраляваў працэс самастойнай нарыхтоўкі соку ляснічы Маладзечанскага доследна-вытворчага лясніцтва Дзмітрый Дрозд.

— Сёлета ў лясніцтве для прамысловага збору падсочана 1550 бяроз, — адзначыў ён. – З іх плануецца атрымаць 75 тон соку. Пры спрыяльным надвор’і заданне будзе выканана. За самавольную нарыхтоўку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Віталій Дземеш нагадаў, што з 28 сакавіка па 4 красавіка ў Беларусі будзе праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу», прысвечаная Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі. Далучыцца да яе можа кожны. Для гэтага трэба звярнуцца ў бліжэйшы лясгас. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць удзельнікаў інвентаром і пасадачным матэрыялам, пакажуць аб’екты, якія маюць патрэбу ў аднаўленні.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

This entry was posted in Без рубрики. Bookmark the permalink.