Корреспондент “Маладзечанскай газеты” совместно с работниками лесхоза проверил работу фотоловушек

Як мы ў лесе пасткі на браканьераў ставілі

Источник Алег Бяганскі

Адразу ўдакладню: пасткі былі не тыя, якія калечаць, а якія фатаграфуюць. Арганізавалі выезд у зялёныя масівы работнікі Маладзечанскага лясгаса. А самі прылады прызначаюцца не толькі для выяўлення парушальнікаў экалагічнага заканадаўства, але і для ўліку жывёл.

Ідэя асабіста паглядзець, як праводзіцца фотаманіторынг лясных насаджэнняў, узнікла пасля навагодніх свят. Справа ў тым, што напярэдадні Новага года ахова лесу традыцыйна ўзмацняецца. Робіцца гэта, каб не дапусціць самавольных высечак святочных дрэўцаў. Ці могуць браканьеры «расслабіцца» цяпер?

З намеснікам дырэктара лясгаса Віталіем Дземешам і інжынерам па ахове лесу Генадзіем Калошычам мы сустрэліся на выездзе з Маладзечна ў бок Вілейкі. Віталій Іванавіч расказаў дыспазіцыю. Адна з камер устаноўлена ля з’езда з шашы на лясную дарогу, якая даволі папулярная ў насельніцтва. Ёсць верагоднасць, што некаторыя людзі могуць вывезці па ёй на аўтамабілі смецце і пакінуць яго каля лесу. Перад устаноўкай фотапасткі несанкцыянаваных звалак у гэтым раёне не было. Аднак месца прывабнае для парушальнікаў. Сітуацыя патрабавала кантролю.

Патрэбны паварот знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада. Работнікі лясгаса паказваюць камеру. Самаму знайсці яе амаль немагчыма. Прыбор прымацаваны на ствале дрэва на значнай вышыні і старанна замаскіраваны. Пры гэтым сектар агляду камеры шырокі. А якасць адлюстравання дазваляе распазнаць твары людзей і нумары машын. Здымаем прыладу і вяртаемся ў лясгас.
Наступны этап — аналіз інфармацыі. Пакуль яна «перацякае» з флэшкі на стацыянарны камп’ютар, Віталій Дземеш расказвае пра арганізацыю відэаназірання за станам ляснога масіву на Маладзечаншчыне. У лясгасе выкарыстоўваюцца чатыры фотапасткі, якія спрацоўваюць на рух. Некаторыя даныя дыстанцыйна паступаюць у лясгас у рэжыме рэальнага часу. Аднак поўная карціна высвятляецца пасля аналізу ўсёй інфармацыі.

Мабільныя камеры фотафіксацыі прызначаны не толькі для лоўлі браканьераў. З іх дапамогай выяўляюцца ачагі ўзгарання, праводзіцца ўлік дзікіх жывёл. У апошнія месяцы на фота траплялі ласі, казулі, іншыя насельнікі лесу. Гэта дапамагло лесаводам зразумець, як жывёлы адчуваюць сябе зімой, ці маюць патрэбу ў дадатковай падкормцы.

Калі інфармацыя перайшла ў камп’ютар, спецыялісты ўбачылі, што правапарушэнняў не зафіксавана. Пасля невялікай нарады вырашылі ўстанавіць фотапастку ля адной з зон адпачынку па дарозе на Мінск. Генадзій Калошыч замяняе батарэйкі ў камеры, і зноў адпраўляемся ў дарогу.

А вось і патрэбная пляцоўка. Яна добраўпарадкаваная, ёсць навесы і лаўкі. Вакол чысціня. Работнікі лясгаса выбіраюць месца для ўстаноўкі фотапасткі. Просяць нас не фатаграфаваць, як яны прымацоўваюць камеру і маскіруюць яе. Працэс займае некалькі хвілін. Цяпер паляна пад кантролем. Той, хто надумае выкінуць тут смецце або зламаць тую ж лаўку, потым моцна пашкадуе…

— Зіма сёлета мяккая, снегу няма, таму лес даступны, — гаворыць на развітанне Віталій Дземеш. – Фотаманіторынг праводзіцца гэтак жа старанна, як і напярэдадні навагодніх свят або ў пажаранебяспечны перыяд. Вясной больш увагі нададзім лясным масівам ля населеных пунктаў і садовых таварыстваў. Менавіта там найбольш часта выяўляюцца несанкцыянаваныя звалкі. Такім чынам, парушальнікі экалагічнага заканадаўства не змогуць адчуць сябе камфортна ў любы сезон.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

This entry was posted in Без рубрики. Bookmark the permalink.