В Молодечненском лесхозе собрали 3,5 тонны шишек сосны обыкновенной

У Маладзечанскім лясгасе за зіму сабралі 3,5 тоны шышак.

Источник Алег Бяганскі

Гэта частка работы па аднаўленні лясоў. Ураджай збіралі ў асноўным з соснаў.

— Збіраюцца шышкі ў халодны перыяд года, — гаворыць вядучы інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Ірына Калошыч. – Мэта нарыхтоўкі – папаўненне насеннага фонду лясной гаспадаркі. Наша задача – стварыць трохгадовы запас насення хвойных культур. Гэта важна, бо елка і сасна плоданосяць не кожны год.
Спецыяліст адзначыла, што для збору шышак падыходзяць толькі спелыя і здаровыя дрэвы. Тады наступнае пакаленне будзе моцным і ўстойлівым да хвароб. Як правіла, нарыхтоўка вядзецца на дзялянках, прызначаных для суцэльных высечак.

Сабраны ўраджай адвозіцца ў рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Там шышкі сушаць, лушчаць і ачышчаюць насенне. Захоўваецца насенны матэрыял у спецыяльных халадзільніках пры тэмпературы ад -2 да +4 градусаў. На кожнай партыі пазначана, дзе і калі шышкі былі сабраныя. Уся работа праводзіцца на навуковай аснове.
— Насенне хвойных дрэў патрэбна не толькі для пасадкі лясных культур, — падкрэсліла Ірына Мар’янаўна. – Ім харчуюцца многія звяры і птушкі. Багатая на калорыі і вітаміны дабаўка дапамагае лясным жыхарам перажыць перыяд зімовай бяскорміцы. Акрамя таго, «крылаты» ўраджай патрэбны для самааднаўлення бароў і ельнікаў. Гэта важна пры падтрыманні прыроднага балансу.

Субяседніца дадала, што маладыя дрэўцы для новых лясных плантацый вырошчваюцца ў лясным гадавальніку лясгаса. За год выкарыстоўваецца 25-30 кілаграмаў насення хвойных парод. Маладыя сосны перасаджваюцца ў лес у двухгадовым узросце. Елкі «выпускаюць на волю» у 4-5 гадоў. Тэхналогія іх вырошчвання больш складаная. З ліставых парод найбольш складана вырасціць бярозы.

— Маладыя дрэўцы ўваходзяць у меню ласёў, аленяў, казуль, іншых жывёл. Таму ў першыя гады мы ахоўваем расліны асабліва старанна, апрацоўваем спецыяльнымі прэпаратамі, якія робяць зялёны корм нясмачным. Меры па аднаўленні зялёнага покрыва даюць эфект. Пакрытая лесам плошча ў раёне кожны год павялічваецца і цяпер складае 49,6 тысячы гектараў, — паведаміла Ірына Калошыч.

Спецыяліст зазначыла, што асноўныя лесаўтваральныя пароды ў раёне – сасна, елка, дуб, клён, ліпа, бяроза. Пасадкі робяцца на месцах высечак галоўнага карыстання, а таксама на тэрыторыях, што пацярпелі ў выніку буралому, пажару або іншых стыхійных бедстваў. Яшчэ засяваюцца плошчы, якія пераходзяць у дзяржлесфонд. Гэта выпрацаваныя кар’еры, пусткі, меліяраваныя тэрыторыі.

Калі лес высаджваецца на месцы высечак, такiя работы называюцца лесааднаўленнем, на месцы пустак — лесазарошчваннем. У любым выпадку выкарыстоўваецца пасяўны матэрыял, атрыманы ў выніку збору шышак.

Алег БЯГАНСКІ. “Маладзечанская газета”

This entry was posted in Без рубрики. Bookmark the permalink.